КЕ́САРАВА СЯЧЭ́ННЕ, кесарскае сячэнне

[ад lex Caesarea — у Стараж. Рыме царскі (кесараў) закон, што дазваляў рабіць такую аперацыю],

хірургічная аперацыя з мэтай дастаць плод і паслед з поласці маткі праз разрэз яе сценкі Адрозніваюць К.с абдамінальнае (брушна-сценачнае) і похвеннае. Робяць К.с. пры жывым плодзе, калі ёсць пагроза для жыцця маці і плода, калі нармальныя роды немагчымы (вузкі ці дэфармаваны таз, рэзкія рубцовыя змены похвы, узрост жанчыны — 30 і больш гадоў, вял. плод і інш.). Пры вострых і моцных крывацёках, некаторых хваробах К.с. робяць нават пры мёртвым ці нежыццяздольным плодзе для выратавання маці.

І.У.Дуда.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)